ТЭРМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад даследавання фіз.-хім. і хім. працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве ва ўмовах праграмаванага змянення т-ры; адзін з метадаў фізіка-хімічнага аналізу. Дазваляе вызначаць т-ры фазавых пераходаў, будаваць дыяграмы стану, атрымліваць інш. даныя аб саставе і структуры рэчываў.

Устаноўка для Т.а. ўключае печ, трымальнік узораў, датчык для вызначэння т-ры печы і ўзору (тэрмапара з самапісцам). Пры награванні (ахалоджванні) узору даследуемага рэчыва з дапамогай фотарэгіструючых пірометраў і аўтам. патэнцыяметраў у каардынатах т-ра — час запісваюць тэрмаграмы — крывыя награвання (ахалоджвання); зломы або гарыз. ўчасткі на іх адпавядаюць ператварэнням у рэчыве, што адбываюцца з цеплавым эфектам. Больш адчувальны дыферэнцыяльны тэрмічны аналіз (ДТА), калі ў часе рэгіструюць змяненне рознасці т-р узору і эталону — рэчыва, якое ў дадзеным інтэрвале т-р не мае ніякіх ператварэнняў (звычайна гэта аксід алюмінію Al2O3). ДТА часта выкарыстоўваюць у спалучэнні з адным або некалькімі фіз. ці фіз.-хім. метадамі (напр., тэрмагравіметрыяй — метадам рэгістрацыі змянення масы ўзору пры праграмаваным змяненні т-ры, мас-спектраметрыяй, дылатаметрыяй).

Літ.:

Берг Л.Г. Введение в термографию. 2 изд. М., 1969;

Уэндланд У. Термические методы анализа: Пер. с англ. М., 1978.

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)